Алег Дулуб — адзін з тых беларусаў, хто па-ранейшаму жыве і працуе ва Украіне. Мы даведаліся ў галоўнага трэнера футбольнага клуба «Львоў», вядомага да гэтага па працы ў «Крумкачах», «Карпатах», «Чарнаморцы», БАТЭ і «Атырау», як прайшоў яго год пасля пачатку вайны. Ніжэй — маналог-рэтраспектыва (месцамі — эмацыйны) трэнера, які пасля жніўня-2020 падпісаў у Беларусі ліст супраць гвалту і за новыя выбары. Дулуб таксама паўдзельнічаў у звароце да вайскоўцаў у нашай краіне з заклікам не ўступаць у баявыя дзеянні ва Украіне.

Пра канфлікт у Турцыі
— Цяпер мы заканчваем збор у Турцыі. Рыхтуемся да другога круга чэмпіянату краіны. Вядома, ведаю пра бойку, якая здарылася паміж футбалістамі ўкраінскага «Міная» і расійскага «Шынніка». Паводле маёй інфармацыі, гульцы «Шынніка» напіліся, адзін пайшоў у прыбіральню і, прабачце, абрыгаўся. Прыбіральшчыца з Турцыі пачала абурацца — яна толькі што прыбрала. У гэты момант з’явіўся хлопец з «Міная». Сказаў, каб расіянін узяў анучу і выцер за сабой.
Браніраваць увесь гатэль на зборах — такое сабе наўрад ці дазваляюць нават самыя багатыя клубы. У асноўным жывуць па дзве-тры каманды. Асабліва калі вялікі гатэль. Футбалісты могуць перасякацца і з турыстамі. Але сяліць сёння разам расіян і ўкраінцаў небяспечнае інцыдэнтамі.
Пра Расію
— У мяне карэнным чынам змянілася стаўленне да гэтай дзяржавы. Раней радаваўся спартыўным поспехам расіян на міжнароднай арэне. Футбол, Алімпійскія гульні. Перажываў за іх, калі многія гнабілі. Але цяпер усё выпалена знутры. Трэба, напэўна, шмат часу, каб раны загаіліся. Колькі расце новая трава на выпаленым полі?..
Заўсёды праводжу такую аналогію ў дачыненні да цяперашніх падзей, хай і ўтрырую. Ты жывеш у кватэры. Да цябе заходзіць сусед-алкаголік і кажа: «Мне не падабаецца, якія ў цябе шторы, шпалеры і кнігі». Пачынае качаць правы. Хоць гэта не кватэра суседа. Мала таго што ён проста ўрываецца, дык яшчэ спрабуе забіваць і гвалтаваць. Рэакцыя нармальнага чалавека — абараняцца.
Пра залюстроўе
— За навінамі сачу менш. Усё ж такі трэніроўкі, падрыхтоўка да гульняў займаюць шмат часу, але знаходжу момант цягам дня, калі нешта гляджу або чытаю. Цяжэй за ўсё было ў першыя дні вайны: не разумелі, што адбываецца, не хапала інфармацыі.
Нам спрабуюць праўду перавярнуць з ног на галаву. Залюстроўе. І ў Расіі, і ў Беларусі. Людзі, якія ў 2020-м збівалі іншых, аказваецца, малайцы. Мне складана растлумачыць усе гэтыя зверствы. Нармальны чалавек не можа сябе так паводзіць, асабліва ў дачыненні да жанчын, старых. Калі ты такі баец, то знайдзі роўнага сабе і ваюй. У ХХІ стагоддзі нічога не схаваеш. У кожнага ёсць у кішэні тэлефон з камерай.
Пра перапляценне лёсаў
— У 2020-м здавалася, што тыдзень-два — і ўсё будзе добра. Але тая сістэма, якая была выбудаваная ў Беларусі, Расіі, — гэта не адзін чалавек, не два і не тры. А цяпер да тых страшных падзей, што два з паловай гады адбываюцца ў Беларусі, дадалася і Украіна, якая трапіла ў зону баявых дзеянняў.
Пастаянна ўвязваю вайну з сітуацыяй у нашай краіне. Лёсы двух народаў, лічу, пераплеценыя. Вазьміце проста той момант, як падобныя беларуская і ўкраінская мовы. Калі прыехаў ва Украіну ў 2016-м, узначаліўшы «Карпаты», то разумеў усё. Хоць ніколі не сутыкаўся з моўнай дыскрымінацыяй, калі гаварыў па-руску: ні ў Львове, ні тым больш у Адэсе. У нас хлопцы ў камандзе таксама камунікуюць у залежнасці ад месца нараджэння на ўкраінскай або рускай. І ніхто не завастрае на гэтым увагі.

Памятаю, калі працаваў у «Карпатах», то аднойчы купляў кнігі ў пераходзе. Падышла бабуля, спытала, адкуль я. Здзівілася, што не размаўляю на беларускай — такой прыгожай, па яе словах. Паспрабаваў растлумачыць, што ў нас з дзяцінства ўсё неяк было, на жаль, страчана, а хочацца гаварыць менавіта на прыгожай мове, а не на «суржыку». Але сёння выдатна разумею: вельмі важна захаваць сваю мову, каб нацыя жыла і развівалася.
Пра маральны стан
— Год вайны… У мяне такое адчуванне, што прайшло дзесяць гадоў. Часам успамінаю, што было перад нападам на Украіну: вярталіся з Турцыі, рыхтаваліся да чэмпіянату. 24 лютага мусілі паехаць на гульню ў Александрыю… Патэлефанавалі, а пятай раніцы з Беларусі, што ўсё пачалося.
Першыя дні вайны: трывога, невядомасць… Калі з’язджалі ў Польшчу 3 сакавіка, то ўвесь час бачылі ўцекачоў. Жанчыны, дзеці… Хтосьці быў у шокавым стане… Такое складана перадаць словамі — трэба бачыць. У Варшаве таксама ўвесь час сустракаў людзей, якія беглі ад вайны. Не забуду гэтыя моманты.
Потым чэмпіянат Украіны ўсё-такі стартаваў… 10 кастрычніка была бамбардзіроўка Львова — новы, вельмі эмацыйны момант. Ракета ўпала каля нашага гатэля. Серыя выбухаў — спусціліся ў бамбасховішча. Потым былі новыя выбухі… Тады білі па ўсёй Украіне. Цяжка паверыць, што год змясціў столькі падзей.
Пра белых і чорных
— Вядома, цяпер цяжка. Баявыя дзеянні працягваюцца, гінуць людзі. Часам думаеш, што ў адзін момант усё можа скончыцца, але потым разумееш, што трэба рыхтавацца да працяглага супрацьстаяння.
Яшчэ пасля падзей у Беларусі ў 2020-м не можа быць паўтонаў. Кожны мусіць вызначыцца, на якім ён баку. Ужо вызначыўся. За белых ці за чорных, белых ці чырвоных — каму які колер больш падабаецца. Расказваць сёння, што мы там па-за палітыкай… Гэта не палітыка, а злачынствы супраць чалавецтва.
Ёсць добрае вызначэнне слова «ідыёт». У Старажытнай Грэцыі так называлі людзей, якія не цікавяцца грамадскім жыццём у краіне. Таму калі спартоўцам кажуць, што спорт па-за палітыкай, то хочуць зрабіць з іх ідыётаў.
Гнеў, нянавісць часам засцілаюць вочы. Але стараюся адэкватна рэагаваць на ўсе падзеі. Веру: чалавек пажне тое, што пасеяў. Гэта датычыць усіх жыццёвых учынкаў.
Пра відэа ў адрас вайскоўцаў
— Калі хтосьці адумаецца, то гэта можа выратаваць жыцці людзей. Хаця б адно.
Ведаеце, ясна зразумеў: людзі нараджаюцца роўнымі і свабоднымі. Быць рабом ці не — кожны робіць выбар. Што чуць, якой інфармацыі давяраць — кожны вырашае сам. А казаць, што я проста выконваў загад, — не апраўданне. Адказны і той, хто аддаў загад здзейсніць злачынства, і той, хто пабег забіваць. Пакаранне чакае абодвух. І тут няма ніякай палітыкі.
Ёсць такі выраз — «іспанскі сорам». Калі паляцелі ракеты з беларускай тэрыторыі… Для мяне гэта наогул балючае пытанне. Яны запускаліся паміж дзвюма вёскамі ў Гомельскай вобласці. Адна з іх — вёска майго дзеда. Разумееце? Ракеты ляцелі фактычна з таго месца, дзе я правёў дзяцінства. Даведаўшыся гэта, адчуваў сябе вінаватым — нібы сам страляў.
Пра вяртанне ва Украіну
— Ведаў, што вярнуся ў «Львоў». Калі з’язджалі ў сакавіку мінулага года, то была вялікая колькасць блакпастоў. Каля дзесяці да мяжы. Ехалі з Васілём Хамутоўскім у экіпіроўцы клуба. І на кожным пункце пропуску людзі казалі: «Мы абавязкова прыйдзем на ваш матч, калі скончыцца вайна». Адказваў: «Без пытанняў. Набірайце ў клуб. Калі трэба, сам куплю вам білеты».
Украіна — футбольная краіна. У адным толькі Львове тры вядомыя клубы: «Карпаты», «Рух» і «Львоў». Футбол даўно не проста від спорту, а сацыяльная з’ява. Аддушына для краіны падчас вайны. Пакуль жывая краіна, жывы і футбол. Адчуваў, што вярнуцца будзе правільна.
Чытайце таксама


