Баскетбаліст з Латвіі Яніс Ціма, паводле папярэдніх звестак, скончыў жыццё самагубствам, піша тэлеграм-канал Mash.

32-гадовага Ціму знайшлі мёртвым у Маскве. Побач з целам спартоўца знайшлі тэлефон з паведамленнем для былой жонкі. Яніс хацеў, каб Ганна Седакова, з якой ён развёўся 9 снежня гэтага года, ператэлефанавала яму. 16 снежня Ціма павіншаваў яе з днём нараджэння, апублікаваўшы сторыс.
Пазней агенцтву ТАСС пацвердзілі інфармацыю пра суіцыд аператыўныя службы. Падрабязнасці высвятляюцца.
Паведамляецца, што Седакова і Ціма пажаніліся ў 2020 годзе. Гэты шлюб быў трэцім для спявачкі. Пара жыла на дзве краіны — ЗША і Расію. Іх адносіны былі бурнымі: яны часта сварыліся, расставаліся, а потым зноў мірыліся. Апошнія месяцы Яніс, які спрабаваў захаваць шлюб, жыў у Маскве.
Ціма — вядомы ў мінулым баскетбаліст. Яго апошнім клубам быў іспанскі «Абрадойра». Раней спартовец таксама выступаў за расійскія «Хімкі», «Зеніт» і «Унікс», грэцкі «Алімпіякос», іспанскую «Басконію». За зборную Латвіі Яніс згуляў на чэмпіянатах Еўропы 2015 і 2017 гадоў.
Вядомай спявачцы, акторцы Седаковай 42 гады. З ураджэнкай Кіева ў 2004-м ажаніўся знакаміты беларускі футбаліст Валянцін Бялькевіч, які памёр у 2014 годзе. Праз пяць месяцаў пасля вяселля ў іх з’явілася дачка Аліна. Але шлюб пратрымаўся ўсяго пару гадоў. У 2009-м Ганна казала, што муж хутка перастаў звяртаць на яе ўвагу і выбіраў баўленне вольнага часу з сябрамі, а не ў сямейным коле. А ў 2021-м заявіла, што Бялькевіч ёй часта здраджваў, а яна была вельмі даверлівай. Валянцін пра развод не выказваўся.