На футбольным Еўра грузіны скандавалі «Пуцін — х**ло». Расійскі канал вырашыў «перапісаць гісторыю» (на «РТР-Беларусь» пакуль не наважыліся)
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На матчы Турцыя — Грузія, які прайшоў на футбольным Еўра ў Германіі, заўзятары скандавалі «Пуцін — х**ло». Расійскі федэральны тэлеканал выразаў гэты кавалак, а потым вярнуў — змененым.

Грузинские болельщики на матче чемпионата Европы по футболу между сборными Турции и Грузии в Дортмунде, Германия, 18 июня 2024 года. Фото: Reuters
Грузінскія заўзятары на матчы чэмпіянату Еўропы па футболе паміж зборнымі Турцыі і Грузіі ў Дортмундзе, Германія, 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Reuters

18 чэрвеня ў Дортмундзе дэбютантка фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы Грузія саступіла зборнай Турцыі — 1:3. Гульня атрымалася вельмі эмацыйнай — у тым ліку дзякуючы трыбунам. У канцы першага тайма грузінскія заўзятары скандавалі «Пуцін — х**ло». Песня з гэтай фразай узнікла ва Украіне ў 2014 годзе і з таго часу стала вельмі папулярным зарадам сярод фанатаў.

Гэта трапіла ў жывы эфір і тэлеканала «РТР-Беларусь», і тэлеканала «Матч ТБ», які трансляваў гульню ў Расіі. Але неўзабаве кавалак з крычалкай на «Матч ТБ» выразалі, як заўважыў The Insider. І пасля часу 38.49 у трансляцыі адразу ішло 39.00.

Цяпер у запісе матча, які яшчэ можна знайсці на «Матч ТБ», з таймінгам усё нармальна — тыя дзесяць секунд вярнулі. Але ўжо не чуваць скандавання на адрас Пуціна.

Мы знайшлі запіс матча Турцыя — Грузія на тэлеканале «РТР-Беларусь». Там пакуль усё на месцы, у тым ліку можна добра разабраць крычалку «Пуцін — х**ло».

Нагадаем, беларускае тэлебачанне не паказала першы матч на Еўра з удзелам зборнай Украіны. Мяркуючы з усяго, не будзе і іншых — у раскладзе праграмы перадач на тэлеканале СТБ, які мусіў трансляваць усе гульні, учора ўжо адсутнічаў найбліжэйшы паядынак «недружалюбнай» для афіцыйнага Мінска краіны.