Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Макдональдс» цяпер — гэта «нашае прадпрыемства». «Не захацелі амерыканцы ці хто там працаваць, то як хочаце, нашы людзі не дурнейшыя», — сказаў ён. Чыя канкрэтна цяпер гэтая кампанія, палітык не ўдакладніў. Пры гэтым ён таксама гаварыў пра нацыяналізацыю кампаній, «гаспадары якіх сышлі». Паглядзелі, каму цяпер належыць (не) «Макдональдс».

Гісторыя сыходу з беларускага рынку «Макдональдса» першапачаткова была даволі заблытанай. Спачатку на яго месца збіралася прыйсці расійская сетка «Вкусно — и точка», якая замяніла яго на расійскім рынку. У Мінску нават паспелі размясціць адпаведную рэкламу. Але ў выніку сетка перазапусцілася без назвы. На новым сайце ўладальнікам сеткі называецца кампанія «КСБ Виктори Рестораны» з тым самым ідэнтыфікацыйным нумарам падаткаплатніка, што і раней. Аляксандр Лукашэнка радаваўся, што франшыза сыходзіць з краіны, і патрабаваў, каб яе месца занялі беларусы.
Паводле звестак «Люстэрка», з таго часу акцыянерамі беларускай фірмы засталіся тыя ж кампаніі, што былі ў часы «Макдональдса», а іх уладальнікі не мяняліся. У любым выпадку, гэта вынікае з афіцыйных папер.
Звычайна змена кіраўніцтва або ўладальніка бізнесу адлюстроўваецца ў Адзіным дзяржаўным рэестры. Па кампаніі «КСБ Виктори Рестораны» за апошні час у гэтым плане нічога не мянялася. На момант сыходу з Беларусі «Макдональдса» «КСБ Виктори Рестораны», што кіруе франшызай, належала дзвюм фірмам, якія базаваліся ў Сінгапуры, расказваў раней reform.by. Паводле звестак на 12 снежня, ланцужок валодання гэтай сеткай рэстаранаў застаўся ранейшым.
Схема такая: кампаніяй «КСБ Виктори Рестораны» валодае Ksb victory restaurants pte. Ltd., якая базуецца ў Сінгапуры. Яе акцыянерамі з’яўляюцца дзве іншыя кампаніі: Rapid food holding pte. Ltd і Sengermen pte. Ltd. Уладальнікам першай называецца вядомы бізнесовец з Казахстана Кайрат Баранбаеў, другой — грамадзянка Беларусі Вікторыя Данько, вынікае са звестак партала дзелавой дакументацыі Сінгапура.

Кайрат Баранбаеў, як мы расказвалі раней, — гэта вядомы казахстанскі бізнесовец, блізкі да сям'і экс-прэзідэнта Казахстана. А менавіта — бацька Алімы Баранбаевай, былой нявесткі Дарыгі Назарбаевай — дачкі экс-прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.
Затрымалі Кайрата Баранбаева ў сакавіку гэтага года супрацоўнікі агенцтва па фінансавым маніторынгу Казахстана па справе аб крадзяжы сродкаў нацыянальнай кампаніі Qazaq Gaz (раней «КазТрансГаз») падчас паставак газу. З таго моманту ён знаходзіцца пад арыштам. Справа працягваецца да гэтага часу, а сам бізнесовец, паводле звестак на 12 снежня, усё яшчэ знаходзіцца ў СІЗА.
Вікторыя Данько да гэтага часу значыцца дырэктарам «КСБ Виктори Рестораны». Яна працавала ў кампаніі, якая прадстаўляе франшызу «Макдональдса», з 1996 года. У апошнія месяцы бізнесвумен ніяк не каментавала сыход з краіны вядомага брэнда і будучыню сеткі рэстаранаў хуткага харчавання.
Як відаць, уладальнікі сеткі засталіся ранейшымі. Ва ўсякім выпадку, пакуль дакументальнага пацверджання нейкіх змен у гэтым кірунку ў адкрытым доступе няма.
Характэрна, што аб’екты сеткі дагэтуль працуюць без шыльдаў з назвай. У Гандлёвым рэестры аб’екты сеткі ўсё яшчэ значацца як «Макдональдс» або пазначаныя «КСБ Виктори Рестораны».

Ніякая назва сеткі не фігуруе і на ўпакоўцы ежы. Але на канверце, у які кладуць бульбу фры, можна разгледзець сімвал, падобны да дома, стылізаванага пад ўсходні іерогліф з трыма кропкамі ўнізе.
Мы не знайшлі такога сімвала ў спісе заявак на рэгістрацыю таварных знакаў на сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Але ў Расіі ёсць кампанія «Фабрыка ўпакоўкі», якая ўваходзіць у холдынг ATEK Group, што выкарыстоўвае дакладна такі самы дызайн канвертаў для бульбы фры. Не выключана, што (не) «Макдональдс» закупляе ўпакоўку ў яе.