У беларускіх чатах, прысвечаных пошуку працы, актыўна прапануюць «аднадзённую падпрацоўку ў Маскве». Ананімныя працадаўцы ў дадатак да ганарару гатовыя аплаціць праезд, харчаванне і нават цыгарэты. Не агучваюць толькі важны нюанс: тое, што яны прапануюць зрабіць, — незаконна. «Люстэрка» расказвае, хто такія дропы, у чым сутнасць схемы і чым гэта пагражае паводле закона.

«Нашая кампанія мае патрэбу ў вялікай колькасці матэрыялу»
У буйным чаце па пошуку працы з’явілася некалькі аднатыпных абвестак. Прапануюць «аднадзённую паездку без фізічных нагрузак» у Маскву. Абавязковае патрабаванне — быць поўнагадовым грамадзянінам Беларусі. Праезд і харчаванне абяцае аплаціць «кампанія». Стартаваць можна ў любы дзень — «выезд штодня ўвечары з Мінска». Аплата: 180 даляраў ЗША, або 600 беларускіх рублёў.

Журналістка «Люстэрка» звязалася з кантактнай асобай «наймальніка» з пытаннем, што трэба рабіць. Тая патлумачыла: сутнасць працы ў тым, каб адкрыць на свае дакументы карткі некалькіх банкаў у Расіі і перадаць да іх доступ.
«Мы займаемся прасоўваннем у інтэрнэце, і нашая кампанія мае патрэбу ў вялікай колькасці матэрыялу ў выглядзе банкаўскіх картак, — патлумачыла прадстаўніца „наймальніка“. — Усе спадарожныя выдаткі мы бяром на сябе (транспарт, харчаванне, цыгарэты і г. д.)».
На ўдакладняльныя пытанні суразмоўніца не адказала.
Асудзілі ўжо як мінімум 100 чалавек
Згаджацца на такую падпрацоўку мы не раім. За абвесткай могуць стаяць злачынцы, якія шукаюць карткі для вываду нелегальна атрыманых грошай. Тых, хто згаджаецца аформіць на сябе рахунак, каб перадаць доступ да яго іншым, на слэнгу махляроў называюць дроп, а ў судовых прысудах — падстаўнымі асобамі.
Схема можа быць такая: да прыкладу, нехта хоча прадаць наркотыкі, і яму трэба атрымаць аплату. У гэтым выпадку даюць карту такога падстаўнога. Пакупнік робіць перавод на картку — ашуканцы ўсё здымаюць сабе па рэквізітах. Калі сілавыя органы зоймуцца расследаваннем і пойдуць па следзе — то выйдуць па банкаўскіх дадзеных менавіта на дропа.

Нагадваем таксама, што ў 2021 годзе ў нашай краіне ўвялі крымінальную адказнасць за перадачу рэквізітаў банкаўскіх картак у карыслівых мэтах (артыкул 222 КК РБ). За гэта пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу, абмежавання волі ад двух да пяці гадоў або пазбаўлення волі ад двух да шасці гадоў.
«Люстэрка» вывучыла падобныя гісторыі ў банку судовых рашэнняў і знайшло як мінімум 100 прысудаў па артыкуле 222 КК РБ. Яны былі вынесеныя ў перыяд з 2021 года (калі змены ў закон набылі моц) да 18 чэрвеня 2024 года. Як мінімум трое асуджаных — няпоўнагадовыя.
З судовых дакументаў вынікае, што як мінімум 92 чалавекі асудзілі за перадачу ўласных банкаўскіх звестак. Яшчэ ў васьмі выпадках абвінавачанымі сталі тыя, хто перадаваў рэквізіты чужых картак.
Пра тое, што гэта былі махляры, «даведаўся ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў»
Гісторыі так званых дропаў падобныя адна да адной: хацеў зарабіць, прапанавалі адкрыць рахунак у банку і перадаць звесткі, пагадзіўся. Хтосьці згаджаўся за 18 рублёў, іншыя атрымлівалі 50 і нават 150 рублёў. Самыя частыя пакаранні звязаныя з абмежаваннем волі — ад 1,5 да 3,5 года «хіміі» ці «хатняй хіміі». Многія на судах казалі, што не ведалі пра незаконнасць такіх дзеянняў.
Да прыкладу, медсястра з Мінска адгукнулася на рэкламу заробку ў Instagram, дадалася ў спецыяльны чат. Там ёй прапанавалі аформіць на сябе банкаўскі рахунак, перадаць звесткі і атрымаць 20 рублёў. Жанчына ўсё зрабіла, але грошай не атрымала. Замест аплаты «наймальнік» прапанаваў заплаціць 35 рублёў, калі тая перадасць яшчэ чые-небудзь звесткі. Мінчанка пагадзілася — папрасіла ў сваёй траюраднай сястры доступ да яе банкаўскага рахунку за «ганарар» у 10 рублёў — і пераслала іх незнаёмаму.
У выніку медсястры так і не заплацілі. «Пасля распаўсюду вышэйназванай інфармацыі невядомая асоба выдалілася з усіх мэсэнджараў і перастала выходзіць з ёй на сувязь». Але пытанні з’явіліся ў сілавікоў. На момант суда мінчанка была цяжарная, у мінулым у яе была судзімасць за крадзеж транспартнага сродку. З улікам усіх абставінаў яе асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай два гады.
Жыхар Бабруйска паставіў «бізнес» на паток — адкрыў дзевяць рахункаў у адным і тым жа банку. Гэтыя звесткі і яшчэ шэсць сім-картак перадаў ашуканцам. Атрымаў за гэта «не менш за 100 рублёў» у якасці аплаты. А пасля — два гады пазбаўлення волі паводле прысуду суда.
Некалькім людзям «наймальнікі» казалі, што карткі будуць выкарыстоўваць «для вываду крыптавалюты». «Пра тое, што Н. („заказчык“) выкарыстаў атрыманую ад яго банкаўскую аплатную картку пры здзяйсненні злачынства, даведаўся ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — прыводзяць словы абвінавачанага ў адным з судовых дакументаў.
Чытайце таксама